У Магілёўскай епархіі гэта адмаўляюць.

19 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі/Фота мае ілюстрацыйны характар, mogeparhia.by


Галоўны рэдактар газеты “Вячэрні Магілёў” Надзея Леўчанка ў гутарцы з карэспандэнтам mspring.online заявіла, што анансаваны раней хросны ход «у абарону сямейных каштоўнасцяў» 16 сакавіка адбыўся, нягледзячы на адмаўленне гэтай інфармацыі царквой.

– Так, ён адбыўся. Дэталёвую інфармацыю мы дамо ў газеце ў нумары за сераду, 20 сакавіка, – пацвердзіла Леўчанка.

Напомнім, у нумары за 13 сакавіка «Вечаровы Магілёў» заклікаў магілёўцаў прыйсці на хросны ход, які павінен быў прайсці ў суботу:

— …Носьбітамі, прыхільнікамі і апекунамі садомскай ідэалогіі наносіцца непапраўная шкода існаванню нашаму беларускаму грамадству, бурыцца асноўны сацыяльны капітал. Захаваем сям’ю — захаваем дзяржаву і родную Беларусь, — пераконвала газета.

За два дні да імпрэзы Айцец Уладзімір, прадстаўнік Цэнтра абароны дзяцей і мацярынства Магілёўскай епархіі, заявіў, што «журналісты паспяшаліся з анонсам» і ніякага хроснага ходу не будзе, бо не было дабраславення.

https://mspring.media/ru/news/no-fun/

Нягледзячы на гэта, у групе УКантакце «Вячэрняга Магілёва» з’явілася інфармацыя пра тое, што хросны ход супраць «садомскай ідэалогіі» усё ж адбыўся:

«Спяшаемся паведаміць, хросны ход, нягледзячы на проіскі ворагаў і вядомага блакітнага лобі адбыўся», – напісала ў каментарах адміністратар групы Вікторыя Карпава. Пад гэтым псеўданімам у «Вячэрнім Магілёве», магчыма, публікуецца сама Надзея Леўчанка.

Таксама была апублікавана фатаграфія хроснага ходу. Аднак у Магілёўскай епархіі заявілі, што гэта фэйк:

– Нічога не адбылося, ніякага хроснага ходу не было. Фатаграфія ўзята з мінулых гадоў. Хто закінуў гэту інфармацыю – невядома, – расказалі ў прэс-службе царквы.