Разгляд справы доўжыўся 20 хвілін. Эміль Астраўко, за якога заступілася Amnesty International, пакуль не выйдзе на волю па УДВ, бо ў яго ёсць спагнанні.

14 красавіка. Магілёў. Саша Мінько


13 красавіка судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда ў складзе намесніка старшыні суда Аляксандра Раманава, суддзяў Аляксея Якаўлева і Юліі Трапынінай разгледзела апеляцыйную скаргу асуджанага ў непаўналетнім узросце хлопца на рашэнне суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска, дзе ён раней абскардзіў накладзеныя на яго ў калоніі спагнанні.

Апеляцыя была пакінутая без задавальнення. Такім чынам, рэзанансная справа, па якой міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выдала некалькі брыфаў, зноў скончылася нічым.

Матэрыялы справы здзівілі б каго заўгодна. Спачатку гаворка ішла пра «недастаткова кароткую стрыжку на валасістай частцы галавы».

Потым аб астме, на якую Эміль Астраўко пакутуе з дзяцінства – у бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 для непаўналетніх гэта не з’явілася падставай вызваліць юнака ад шкодных работ па выцягванню корда з бракаваных аўташын. Праз дыхавіцу хлопец здымаў ахоўную маску і так стаў «злосным парушальнікам».

Суд праходзіў у вялікай зале для калегій па грамадзянскіх справах. Ва ўмовах пандэміі маці асуджанага Юліі Астраўко прыйшлося ехаць з Мінска на ўласным аўтамабілі, што нятанна. У будынак суда цяпер уваход не вольны. Усе спярша збіраюцца ў вестыбюлі, дзе наведвальнікам прапануецца антысептык, а потым сакратар (абавязкова ў масцы і пальчатках) выклікае усіх па кожнай справе асобна ў прызначаны кабінет.

Усе дысцыплінавана выконваюць сацыяльную дыстанцыю. З-за гэтага пустая велізарная зала пасяджэнняў глядзелася, як пляцоўка для апакаліптычнага трылера. Зрэшты, тройка суддзяў была не ў масках і ўсім сваім выглядам падкрэслівала, што ніякай небяспекі няма. Хадайніцтва аб вядзенні фотаздымкі прадказальна не было задаволена: Аляксандр Раманаў нешта невыразнае спытаў у сваіх калег, яны таксама нешта прамармыталі ў адказ, і старшыня заявіў сваё «не».

Далей усё было зразумела. Пазіцыя маці была выключна выпрашальнай: калі спагнанні адмяніць, то хлопец можа разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

– Ён хварэе, яшчэ эпідэмія каранавіруса, адмяніце ну хоць што-небудзь, – прасіла Юліі Астраўко. Калегія па грамадзянскіх справах праігнаравала словы маці.

Зрэшты, падаплёка справы была ўсім вядомая. На момант затрымання Эміль Астраўко вучыўся ў 11 класе сярэдняй школы. У 2018 годзе яму спярша прысудзілі па частцы 4 артыкула 328 КК (Незаконны абарот наркотыкаў у складзе арганізаванай групы) да 10 гадоў пазбаўлення волі. Але потым прысуд быў абскарджаны, частка 4 заменена на ч.3 (распаўсюджванне групай асоб), а тэрмін зняволення зменшаны на два гады. Па леташняй амністыі тэрмін знізіўся яшчэ на два гады. Такім чынам, прысуд скараціўся да шасці гадоў, а улічваючы ўжо адбыты тэрміна, хлопец мог бы неўзабаве выйсці на волю.

Гэтага патрабуе і міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая ўжо год вядзе кампанію ў абарону непаўналетніх асуджаных у Беларусі. Міжнародная супольнасць лічыць, што Астраўко, як і яго равеснікі, у непаўналетнім узросце быў арыштаваны за «нязначнае негвалтоўнае злачынства, звязанае з наркотыкамі». Хлопец уладкаваўся падпрацаваць кур’ерам, не ведаючы, што ў сумесях, якія ён распаўсюджваў, дададзена наркатычнае рэчыва.

Але патрапіўшы ў жорны пенітэнцыярнай сістэмы, вырвацца не так проста. Усе пастановы аб прымяненнi мер спагнання былі накладзеныя на хлопца ў бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 для непаўналетніх, куды ён быў этапаваны са следчага ізалятара ў лістападзе 2018 года. У дадзены момант Эміль Астраўко знаходзіцца ўжо ў дарослай ПК №2 Бабруйска, дзе да яго паводзінаў прэтэнзій няма. Больш за тое, хлопец нават атрымлівае заахвочванні.

Такім чынам, менавіта выхаваўчая калонія №2 ламае яму лёс. Гэта яшчэ адна нагода ўспомніць, што кіруе гэтай папраўчай установай сумна вядомы падпалкоўнік Маслюкоў, пра які шмат цікавага распавёў экс-палітвязень Мікалай Дзядок:

Аднак для калегіі Магілёўскага аблсуда гэта ўсё з разраду лірыкі. Выслухаўшы слёзную просьбу маці, суддзі адразу ж адышлі нібыта для нарады, хоць ужо было зразумела, што рашэнні кіраўніцтва калоніі ніхто не будзе ставіць пад пытанне. Бо інакш прыйдзецца высвятляць, што такое «досыць кароткая прычоска» і хто вырашае, чаму ўчора яна была «дастатковай», а сёння ўжо не.

Ужо праз дваццаць хвілін пасля з’яўлення Юліі Астраўко і журналіста MSPRING.ONLINE ў зале судовых пасяджэнняў старшыня судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда Аляксандр Раманаў зачытаў рашэнне – у задавальненні скаргі адмовіць, рашэнне суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска пакінуць у сіле. Эміль Астраўко пакуль застаецца ў калоніі.