Што з другім «рыэлтарам» Ігарам Гершанковым – пакуль незразумела. Маці ўжо месяц не атрымлівала ад яго лістоў.

27 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда паведаміў, што ў менскім СІЗА №1 пакаралі смерцю магілёўца Сямёна Беражнога, які праходзіў па справе «чорных рыэлтараў». Пра гэта стала вядома ад сваякоў забітага.

Невядома, што з другім прысуджаным да смяротнага пакарання Ігарам Гершанковым. Яго маці Людміла ўжо каля месяца не атрымлівае лістоў. Яна чакае спаткання з ім.

Характэрна, што беларуская дзяржава не стала чакаць рашэння Камітэта па правах чалавека ААН, куды звярнуліся Гершанкоў і Беражны пасля Вярхоўнага суда.

Магілёўцаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Яшчэ двое фігурантаў – Таццяна Гершанкова   і Барыс Калеснікаў – атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.

Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.

Тут можна пачуць, як прыгаворвалі Беражнога і Гершанкова да смяротнага пакарання: