Воспитательная колония в Бобруйске

Відавочца – у выхаваўчай калоніі Бабруйска б’юць непаўналетніх вязняў

З рэдакцыяй MSPRING.MEDIA звязаўся зняволены, які вызваліўся з ВК-2 г. Бабруйска. Ён расказаў, што зараз адбываецца ў месцы няволі для падлеткаў.

Раней MSPRING.MEDIA неаднаразова звяртаў увагу ўладаў на тое бязладдзе, якое адбываецца ў выхаваўчай калоніі Бабруйска.

Выхаваўчая калонія №2: як жывуць падлеткі ў месцы на ўскраіне Бабруйска, якое падобна на канцлагер

Ад дарослых зон ВК №2 адрозніваецца толькі колькасцю кантынгенту. Тут усяго тры атрады, у кожным з якіх прыкладна па 80 чалавек. За кожным з атрадаў замацаваны па чатыры выхавальнікі. У астатнім, асабліва па строгасці ўтрымання, калонія нічым не саступае дарослым, а па жорсткасці нораваў можа і даць фору.

Узрост асуджаных – ад 14 да 21 года. Артыкулы, па якіх яны сюды патрапілі, – самыя розныя, але больш за ўсё ў калоніі ўтрымліваецца тых, хто трапіўся на «наркатычнай» 328 арт. КК РБ. Па некаторых звестках, два з трох атрадаў якраз адведзены пад асуджаных па гэтым артыкуле. Разлічана ВК-2 на паўтысячы чалавек.

Юныя вязні панічна баяцца расказваць каму-небудзь пра рэаліі іх зоны. Аб гэтым часцей можна пачуць ад тых, каму пашанцавала пакінуць гэтыя сцены.

МАЛАДОСЦЬ ПАД УДАРАМ

З рэдакцыяй MSPRING.MEDIA звязаўся якраз адзін з маладых людзей, які ў гэтай калоніі сустрэў сваё паўналецце. Месяц таму ён выйшаў і, паводле яго слоў, у ВК-2 адбываецца поўны трэш:

«Ёсць тры атрады – 21-ы, 22-гі і 23-ці. Там праўда б’юць палкамі, шлангамі і кулакамі. [Старэйшы аднаго з атрадаў] Дзяніс Ігаравіч Драгун збівае непаўналетніх у выхаваўчай калоніі. Там сядзіць Азіз Тагаеў. Яго білі. Плаксіцкі Аляксандр Мікалаевіч таксама нядобразычліва ставіцца да асуджаных», – сцвярджае хлопец.

Таксама крыніца адзначыла, што “актывісты” ўсіх атрадаў вымагаюць перадачы, якія дасылаюць родныя. А на каранціне адбіраюць ежу, якую маюць новапрыбылыя.

«Адміністрацыя нядобрасумленна выконвае свае функцыі. Да асуджаных ставяцца дрэнна. Напрыклад, Логвін Андрэй Эдуардавіч. Неаднаразова бачыў, як б’е зняволеных», – распавёў вызвалены.

Акрамя таго, відавочца сцвярджае, што бачыў, як ужо згаданы Дзяніс Драгун збівае зняволенага Азіза Тагаева – мабыць, аднаго з самых вядомых вязняў ВК-2.

ХТО ТАКІ АЗІЗ ТАГАЕЎ

Азіз Тагаеў – адзін з самых маладых вязняў, якія адбываюць тэрмін па артыкуле 328 КК Беларусі («Незаконнае абарачэнне наркотыкаў»). На момант затрымання хлопцу было ўсяго 15 гадоў, ён вучыўся ў дзявятым класе сярэдняй школы. Міліцыя ўстанавіла, што адзін з сяброў 15-гадовага школьніка прапанаваў яму рабіць закладкі сінтэтычных наркотыкаў. Сам Азіз Тагаеў сведчыў, што на гэтую прапанову адказаў адмовай. Тады падставай для абвінавачвання стала перапіска ў мэсэнджэры смартфона хлопца – яна і была апублікаваная ў судзе.

Пры гэтым высветлілася, што, парушаючы заканадаўства, ператрус у кватэры, дзе ён пражываў з бацькамі, і першы допыт, праводзіліся без прысутнасці яго законных прадстаўнікоў і нават без адваката. У жыллі ніякіх слядоў наркотыкаў знойдзена не было.

Тым не менш, Азіза разам з сябрам прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі, палічыўшы, што віна даказана па ч.3 артыкула 328 (распаўсюджванне наркотыкаў групай асоб). У жніўні 2018 года ён быў этапаваны ў Бабруйск у адзіную ў краіне выхаваўчую калонію для непаўналетніх №2.

Сям’я Тагаевых родам з Узбекістана, але ўжо доўгі час жыве ў Мінску. Сам Азіз з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Аднак знешнасць хлопца мае відавочныя рысы выхадца з Сярэдняй Азіі, што, па сведчанні яго маці, выклікала прадузятыя адносіны да яго з боку кіраўніцтва бабруйскай ВК-2. Акрамя таго, Азіз быў выхаваны ў дастаткова рэлігійнай ісламскай сям’і, з-за чаго ў калоніі здарыўся самы першы канфлікт.

ПРЭСІНГ ПА РЭЛІГІЙНЫМ ПРЫЗНАКУ

Па прыбыцці ў калонію праблемы ў хлопца пачаліся адразу ў каранціне. Па словах маці хлопца Шахло (мае з сынам розныя прозвішчы, – рэд.), яго збілі аператыўныя супрацоўнікі. Яны пашкодзілі хлопцу калена. Маці даведалася пра гэта на спатканні, пасля чаго напісала скаргу ў Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП).

Недзіцячыя гульні. Як у бабруйскай калоніі прэсуюць школьніка з-за нацыянальнасці і рэлігіі

Прэсінг пачаўся з-за Карана, які быў у хлопца. Будучы мусульманінам па веравызнанні, хлопец вазіў з сабой гэтую кнігу, перададзеную яму бацькамі, “каб быць духоўна моцным”. На той момант старэйшым упаўнаважаным аператыўнай групы калоніі для непаўналетніх быў Віталь Котаў. Менавіта ён у прысутнасці выхавацеля запатрабаваў здаць Каран у бібліятэку, як “неналежную” кнігу. Акрамя таго, улічваючы знешнасць хлопца, ён жа прыгразіў, што ў выпадку адмовы асуджаны, як “нярускі” і “ісламіст”, можа быць аднесены да катэгорыі вязняў, схільных да радыкальных дзеянняў.

ВЫХАВАЛЬНУЮ КАЛОНІЮ ЗБІРАЛІСЯ РАСФАРМАВАЦЬ

Адзіная калонія для непаўналетніх злачынцаў засталася толькі ў Бабруйску. Але чаму тады яна мае нумар два? Адказ просты: раней іх было ўвогуле тры — яшчэ дзве знаходзіліся ў Віцебску і былі запатрабаваны ў 90-я гады, калі ў краіне назіраўся разгул злачыннасці. Кожная з іх была разлічана прыкладна на 500 чалавек.

Напачатку 2000-х калоній засталося ўжо дзве. А ў 2013 годзе Віцебскую ВК-1 на вуліцы Гагарына было вырашана канчаткова закрыць, бо, па-першае, колькасць малалетніх злачынцаў стала зніжацца, а па-другое, дзяржава стала саджаць за краты непаўналетніх толькі ў крайнім выпадку. Пры гэтым трэба адзначыць, што гаворка ідзе пра мужчынскі кантынгент. Асуджаныя дзяўчынкі адбываюць пакаранне ў спецыяльным аддзяленні пры Гомельскай жаночай папраўчай калоніі №4.

Бабруйская выхаваўчая калонія для падлеткаў можа спыніць сваё існаванне. Што будзе замест яе?

Чуткі аб магчымым расфармаванні бабруйскай ВК-2 мусіруюцца з 2015 года. Нават сам Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) у рамках удасканалення крымінальна-папраўчай палітыкі стаў прасоўваць ідэю пераўтварэння калоніі ў выхаваўчы цэнтр, мэтай якога была б рэсацыялізацыя дзяцей. Па задумцы, гэта быў бы інтэрнат за межамі ахоўнай зоны з пакоямі па 4-6 чалавек замест сённяшніх атрадных казармаў у 20-25 асуджаных. Дзеці, якія парушылі ўпершыню закон, маглі б пад кантролем выхавацеляў самі весці побыт, насіць цывільнае адзенне. Для непаўналетніх была і ідэя пабудаваць асобнае СІЗА, каб яны не перасякаліся з дарослымі арыштантамі.

Калі расфармуюць выхаваўчую калонію ў Бабруйску?

Зрэшты, зараз ужо зразумела, што пры цяперашняй уладзе ні пра якую гуманізацыю пенітэнцыярных устаноў гаворкі ісці не можа.

Але, магчыма, у ВК-2 хаця б перастануць збіваць падлеткаў.