Судовая выканаўца выняла ў магілёўца тэлефон. Праз пару гадоў яго вярнулі з чужымі фатаграфіямі

Апроч таго, з яго знікла карта памяці. Аляксандр Бажкоў, які лічыць сябе пацярпелым, прасіў узбудзіць крымінальную справу. Але…

29 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. На фота – упакоўка ад тэлефона, які вымалі


У 2016 годзе магілёвец Аляксандр Бажкоў быў прызнаны дзярждаўжніком. На думку дзяржавы, ён атрымаў бясплатную адукацыю, аднак падчас адпрацоўкі яго звольнілі, з-за чаго ён павінен быў пакрыць суму, выдаткаваную на яго навучанне (каля 100 млн. недэнамінаваных рублёў).

Сам Бажкоў лічыць, што яго звольнілі незаконна. А раз так – то і дзяржаве ён нічога не павінен. Суд, тым не менш, пастанавіў спагнаць з мужчыны сродкі за навучанне.

У чэрвені 2016 года Бажкова выклікала да сябе судовая выканаўца Юлія Касянкова (зараз – Гейгер). Падчас гутаркі яна заўважыла ў руках мужчыны смартфон Huawei, які папрасіла паглядзець. Пасля гэтага яна забрала яго, патлумачыўшы Бажкову, што на тэлефон накладзены арышт. Кошт апарата яна ацаніла ў 100 (дэнамінаваных) рублёў.

– Я прасіў вярнуць хаця б флэш-карту з прылады, бо там былі фатаграфіі маёй сям’і. Касянкова адмовіла, – расказаў Бажкоў.

ХТО ЗРАБІЎ ФОТА, КАЛІ ТЭЛЕФОН ПАВІНЕН БЫЎ ЛЯЖАЦЬ У КРАМЕ?

З яго словаў, 5 студзеня 2017 года смартфон быў адпраўлены на рэалізацыю ў адну з камісійных крам ААТ «Аўтамотасэрвіс і гандаль». Аляксандр ужо і забыўся б пра тэлефон, аднак у траўні 2017 гады апарат знялі з продажу, бо яго ніхто не хацеў набываць.

Касянкова (Гейгер) забрала смартфон з крамы і некалькі разоў прапанавала Божкову забраць яго. У студзені 2019 года Бажкоў з’явіўся ва ўпраўленне прымусовага выканання за сваёй тэхнікай.

– Калі я яго ўключыў, то ўбачыў, што там няма флэш-карты з маімі фатаграфіямі. Яна знікла. Затое былі фатаграфіі нейкіх чужых дзяцей. То бок нехта проста карыстаўся маім тэлефонам, пакуль ён быў нібыта на рэалізацыі, – абурыўся Бажкоў.

Як высветлілася, пакуль тэлефон знаходзіўся ў камісійнай краме, прадавачка крамы канфіскату Наталля Новікава забірала тэлефон сабе. Прытым ніякіх набыткаў – жанчына проста ім карысталася.

Бажкоў напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якім папрасіў міліцыю ўзбудзіць крымінальную справу па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў судовай выканаўцай Юліяй Касянковай (Гейгер). Апроч таго, ён патрабаваў вярнуць яму флэш-карту з сямейнымі фатаграфіямі.

СУДОВУЮ ВЫКАНАЎЦУ ЧАКАЕ СЛУЖБОВАЯ ПРАВЕРКА?

Праверка выявіла, што прадавачка канфіскату Наталля Новікава «хацела набыць тэлефон свайму дзіцяці, у звязку з чым брала яго дахаты, каб паказаць яго перад купляй. Тэлефон дзіцяці не спадабаўся, таму Новікава вярнула яго ў краму».

Па яе словах, флэш-карты ў тэлефоне ўжо не было. Начальніца Новікавай таксама не змагла сказаць, ці была карта памяці ў смартфоне, калі яго перадавалі ў краму канфіскату. Нарэшце, судовая выканаўца Касянкова (Гейгер) таксама не ведае, куды знікла флэшка.

Ленінскі РАУС адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце перавышэння паўнамоцтваў Касянковай (Гейгер). Аднак ва Упраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама была накіравана інфармацыя для рашжння аб правядзенні службовай праверкі ў дачыненні да судовай выканаўцы.

Апроч гэтага, калі ўсталююць асобу, што выкрала флэш-карту, пачнуць адміністрацыйны працэс па факце дробнага крадзяжу. Аднак наўрад ці гэта адбудзецца.