Імя Айзэка Азімава выкарыстаюць для расійскай прапаганды ў Беларусі

Грошы на гэта выдзеліў фонд прэзідэнцкіх грантаў Уладзіміра Пуціна. А ў агітацыі павінны паўдзельнічаць магілёўцы і віцябляне.

2 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько


Расійскі фонд прэзідэнцкіх грантаў раздаў грошы на развіццё грамадзянскай супольнасці. Сярод пераможцаў значыцца заяўка смаленскага Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў. На праект «Днепра-Дзвінскі рэгіён паміж мінулым і будучыняй: віртуальная экспазіцыя для неадчыненага музея Айзэка Азімава» будзе выдзелена 1282600 расійскіх рублёў (каля 20 тысяч даляраў у эквіваленце). Ён стартуе 1 сакавiка i разлічаны на паўгода.

Пад «Днепра-Дзвінскім рэгіёнам», як напісана ў заяўцы ў раздзеле “Геаграфія праекта”, маюцца на ўвазе Смаленская вобласць (РФ), Віцебская і Магілёўская вобласці (РБ). Таксама плануецца ўцягванне ў праект інтэрасантаў са сталіц Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Мэтавыя групы – моладзь і студэнты

Праект прысвечаны 100-годдзю амерыканскага фантаста, які нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў мястэчку Пятровічы на ​​мяжы Магілёўскай і Смаленскай абласцей, што дае глебу для спрэчак – беларусы ці расейцы могуць ганарыцца імем вялікага пісьменніка. Хоць відавочна, што ў трохгадовым узросце ён ужо жыў у Брукліне, дзе і памёр у 1992 годзе. А па «малой радзіме» Азімаў ніколі не сумаваў.

Тым не менш, смалянамі з выкарыстаннем сучасных IT-платформаў будзе створана віртуальная экспазіцыя. Для гэтага Клубам маладых экспертаў па прымежжы (студэнтамі смаленскіх, магілёўскіх, віцебскіх ВНУ) будуць праведзены краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя пошукі. Адным з ключавых мерапрыемстваў стане прэзентацыя праекта з элементамі фэнтэзі-фэсту.

Акрамя таго, мяркуецца падрыхтаваць серыю сацыяльных рэпартажаў «Асобы памежжа», для чаго будуць арганізаваныя экспедыцыі па «Днепра-Дзвінскаму рэгіёну» для збору фотаматэрыялаў, тэкстаў, гукавых файлаў, якія прадстаўляюць калектыўны партрэт жыхара расійска-беларускага памежжа. Да Азімава гэта ўжо не мае ніякага дачынення.

А зараз у якасці «вішанькі на торце» зазірнем у раздзел «Мэты» у грантавай заяўцы:

Верагодна, Айзэк Азімаў палічыў бы фантастыкай навіну пра тое, што яго імя можа неяк паспрыяць знешнепалітычным ініцыятывам Расіі. І не факт, што ўхваліў бы выхаванне моладзі Беларусі і Расіі ў адзіным гісторыка-культурным ключы, бо пачатак XX стагоддзя адзначыўся масавымі габрэйскімі пагромамі ў Расійскай імперыі, з-за чаго, ўласна, яго сям’я і эмігравала.

Тым не менш, у рамках праекта ў Пятровічы (зараз вёска ў Шумяцкім раёне Смаленскай вобласці) будуць арганізаваны валанцёрскія мерапрыемствы па добраўпарадкаванні тэрыторый на малой радзіме Азімава: тэрыторыі памятнага каменя на месцы дома Азімава, былога панскага парку і іншых аб’ектаў.

А зараз самы час зноў зазірнуць у заяўку на грант. У рубрыцы «Задачы» напісана ўсё ж пра палітычныя мэты:

«Садзейнічаць выхаванню духу агульнасці ў моладзі Расіі і Беларусі падчас валанцёрскіх акцый па добраўпарадкаванні тэрыторый на радзіме ураджэнца расійска-беларускага памежжа Айзэка Азімава;

пашырыць медыйную прысутнасць праблематыкі памежжа ў інфармацыйнай сферы за кошт размяшчэння адпаведных матэрыялаў … на старонках інтэрнэт-рэсурсаў, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў моладзі;

спрыяць фарміраванню станоўчай позвы расійска-беларускага супрацоўніцтва за кошт правядзення і асвятлення ў саюзных СМІ прэзентацыі віртуальнай экспазіцыі для неадчыненага музея Азімава з элементамі фэнтэзі-фэсту».

Грошы на прасоўванне «мяккай сілы» Расеі, такім чынам, не канчаюцца. У абгрунтаванні сацыяльнай значнасці праекта яго аўтары прызналі, што даследаванні Асацыяцыі «Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў» паказваюць на самай справе нізкую гуманітарную спалучанасць у беларуска-расійскім памежжы. Але ад планаў ператварыць Смаленск у цэнтр «Днепра-Дзвінскага рэгіёна» ніхто не адмаўляецца.