Прыкладна ў 13.30 7 лютага маладому чалавеку патэлефанавалі і сказалі, каб ён нават не спрабаваў уцячы.

– Хвілін 20 таму патэлефанавалі, неяк сумбурна прадставіліся – ці то КДБ, ці то Следчы камітэт. Сказалі, што я размяшчаю забароненую інфармацыю на сваіх старонках у сацыяльных сетках, хоць ведаю, што гэтага рабіць нельга. Заявілі, маўляў, супрацоўнічаць вы не хочаце, выправіць або выдаліць таксама, таму чакайце, вас будуць затрымліваць.

Прыгразілі, што мне лепш не тузацца і не спрабаваць уцячы, – паведаміў Антон карэспандэнту “Магілёўскай вясны” – Хоць я не ведаю, што яны там убачылі, нічога крымінальнага і забароненага я не размяшчаў дакладна.

Заўважым, што на старонках “Укантакце” і Facebook у Антона апошнія запісы – гэта віншаванні іншых людзей з ягоным Днём нараджэння.

Касцоў чакаў некалькі гадзін, пасля чаго адправіўся ў Кастрычніцкі РАУС, каб высветліць, хто ж яму сапраўды тэлефоніў.

– Я адразу падыйшоў да дзяжурнага. Яны з калегай хутка “прабілі” па сваёй базе, з якога нумара мне тэлефанавалі. Па іх рэакцыі я зразумеў, што яны вельмі здзіўленыя, ў гаворцы паміж імі праскочыла слова “Дзяржынск”. Але мне нічога канкрэтнага не сказалі. Затое далі парады – сказалі, каб заўсёды ў такіх выпадках запытваўся, як зваць таго, кто тэлефану, яго званне ці пасаду. Калі адказу няма – то адразу ісці ў міліцыю, – расказаў нам Антон Касцоў пасля візіта ў РАУС. Па словах хлопца, ён напісаў заяву з патрабаваннем высветліць, хто ж так “пажартаваў”.Яе прынялі, хутка павінна пачацца раследванне.

Не выключана, што Касцову проста вырашылі перашкодзіць трапіць на сессію ў Польшчу – зараз актывіст навучаецца па праграме Каліноўскага і прыехаў у Магілёў толькі на гэтым тыдні.
У 2013 годзе Антона Касцова ўжо затрымлівалі за дзейнасць у сацыяльных сетках. Тады яго прызналі стваральнікам групы “ВКонтакте” “Стоп-падатак” і, адпаведна, арганізатарам аднайменнай акцыі. За гэта актывіст атрымаў трое сутак.