Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім наведала магілёўскую турму

Там яна сустрэлася з Пятром Кучурай – яго пастаянна прэсінгавала адміністрацыя мясцовай калоніі №15, дзе ён раней адбываў тэрмін.

15 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Алена Анісім сустрэлася з Кучурай пасля просьбы яго жонкі Людмілы і кіраўніцы Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раісы Міхайлоўскай.

Пятра Кучуру перавялі ў магілёўскую турму ў канцы ліпеня 2019 года. Да гэтага ён адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі №15, дзе пастаянна сутыкаўся з ціскам з боку адміністрацыі. Па словах Людмілы Кучуры, начальства калоніі абрэзала яе мужу магчымасць слаць лісты і звароты ў розныя органы. Акрамя таго, яна сцвярджае, што Пётр сутыкаўся ў калоніі з катаваннямі, а таксама што на яго неабгрунтавана накладвалі дысцыплінарныя спагнанні – ужо да траўня 2019 года іх назбіралася амаль два дзясяткі.

Менавіта дысцыплінарныя спагнанні сталі асновай для суда па пераводу Пятра Кучуры з калоніі ў турму.

– Я даведалася пра тое, што майго мужа перавялі ў турму, толькі 9 жніўня. Я нават не ведала, што адбыўся судовы працэс па яго пераводу. Яго лісты проста не прапускалі. Больш за тое, ён пісаў заявы на прысутнасць адваката на працэсе, які павінен быў прайсці на тэрыторыі калоніі – усяго чатыры штукі. Ні адна з іх не пакінула межы калоніі. Яго пазбавілі абароны, – распавяла Людміла Кучура.

Яна не бачыла мужа ўжо каля двух гадоў – адміністрацыя не давала ім спатканняў. Каб даведацца, у якім стане Пётр, Людміла і Раіса Міхайлоўская звярнуліся да Алёны Анісім, дэпутата парламента.

Анісім адгукнулася на просьбу. Праз дэпутацкі запыт яна прабіла сустрэчу са зняволеным, якая адбылася 15 жніўня на тэрыторыі турмы. Усяго яна доўжылася больш за паўтары гадзіны.

Па выхадзе з будынка дэпутат паведаміла журналістам і праваабаронцам, што не хоча раскрываць сутнасці размовы. Інфармацыю яна пазначыла ў сябе і перадасць жонцы зняволенага.

– Я не лекар, таму не магу сказаць, наколькі ён фізічна ў парадку. Але стану прыгнечанасці у яго я не заўважыла, – сказала Анісім.

Размова з Кучурай праходзіла ў прысутнасці двух прадстаўнікоў адміністрацыі турмы. Спачатку, распавяла дэпутат, Пётр крыху насцярожана паставіўся да размовы, але затым расслабіўся і пачаў казаць усё як ёсць. Начальнік турмы паабяцаў Анісім, што ніякіх наступстваў для вязьня пасля сустрэчы з дэпутатам не будзе.


Пётр Кучура асуджаны на 18 гадоў за наўмыснае забойства дзяржінспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету. Суд прыйшоў да высновы, што мужчына займаўся браканьерствам, а калі ўбачыў інспектара – застрэліў яго. 14 гадоў тэрміна Кучура ўжо адбыў, зараз ён знаходзіцца ў магілёўскай калоніі №15.

Значную частку гэтага часу, як сцвярджае яго жонка Людміла, мужчына падпадае пад неабгрунтаваныя прыдзіркі і здзекі з боку адміністрацыі асады.