Суддзя Ленінскага суда Магілёва Юлія Трапыніна стала на бок магілёўскай турмы №4.

28 снежня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі


Былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» Андрэй Бандарэнка разам з адвакатам Вадзімам Мушынскім працягваюць аспрэчваць дысцыплінарныя спагнанні з боку адміністрацыі магілёўскай турмы №4.

28 снежня суддзя Юлія Трапыніна разглядала скаргу Бандарэнкі на дысцыплінарнае спагнанне, якое яму вынеслі 2 чэрвеня гэтага года. На думку кіраўніцтва папраўчай установы, праваабаронца парушыў правілы ўнутранага распарадку. 

25 траўня, калі яго канваіравалі ў камеру пасля прагулкі ва ўнутраным дворыку, ён нібыта уступіў у гутарку з іншым зняволеным, пры гэтым праігнараваўшы заўвагі кантралера. За гэта Андрэя Бандарэнку памясцілі на пяць сутак у штрафны ізалятар.

Бандарэнка ў сваёй скарзе адзначыў, што спагнанне было неправамерным. Праваабаронца не прызнаў сам факт размовы з іншым зняволеным, а таксама заявіў, што кантралёр не рабіў яму ніякіх заўваг 25 траўня. Ён запэўніў суд, што заўсёды стараецца выконваць правілы ўнутранага распарадку.

Магілёўская турма са свайго боку папрасіла адмовіць у задавальненні скаргі, паколькі Бандарэнка ўпусціў тэрмін абскарджання ў судзе. Адвакат Вадзім Мушынскі ў адказ на гэта паведаміў, што пропуск тэрміна звязаны са зваротам у органы пракуратуры – спачатку гарадскую, потым Генеральную.

Юлія Трапыніна палічыла гэтыя довады недастатковымі.

– Тэрмін на абскарджанне дысцыплінарнага спагнання быў прапушчаны без паважных на тое прычын, – паведаміла суддзя. Яна не задаволіла скаргу Андрэя Бандарэнкі.

Усяго на праваабаронцу ўскладзена больш за дзесятак спагнанняў з боку розных месцаў пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. У дачыненні да яго распачата справа за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае да двух гадоў зьняволеньня. Цяперашні тэрмін Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.