Дзмітрый Толсцік лічыць, што існуючая інфраструктура перашкаджае як раварыстам, так і пешаходам.

6 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


– Усё пачалося з этапа гарадскога арыентавання велапрабегу «У рытме горада» 26 чэрвеня. Веласіпедысты, якія вырашылі стартаваць з вуліцы Ленінскай, трапілі ў затор сярод гараджан. Нам і хацелася б ехаць па дарозе, але па праезнай часткі ў горадзе нам забаронена перасоўвацца, а там, дзе ёсць веладарожкі, вельмі складана пераканаць пешаходаў, што гэта ўсё ж такі месца для веласіпедыстаў. Там адсутнічае разметка, якая павінна была бы патлумачыць сітуацыю, і якую не так цяжка зрабіць, – лічыць Дзмітрый Толсцік.

Каб выправіць становішча, малады чалавек вырашыў сабраць подпісы і накіраваць іх у гарвыканкам.

– У звароце да старшыні гарвыканкама я разам з іншымі падпісантамі патрабую разгледзець магчымасць нанясення разметкі веласіпеднай дарожкі на спуску ад плошчы Арджанікідзэ да Дняпроўскага маста. Яшчэ пажадана, каб веласіпедысты ехалі справа па тратуары. Як я заўважыў, пешаходы імкнуцца трымацца далей ад шуму дарожнага трафіку і заходзяць на дарожку веласіпедыстаў. Таму я прапаную перамясціць усе ж раварыстаў, ці паставіць патрэбныя знакі і нанесці на тратуар знакі “Пешаходная дарожка” і “Роварная дарожка”.

На дадзены момант у Дзмітрыя Толсціка ўжо некалькі дзесяткаў подпісаў, аднак ён спадзяецца, што неўзабаве здолее дасягнуць колькасці ў некалькі сотняў, пасля чаго аднясе ў гарвыканкам. Ён просіць усіх зацікаўленых адгукнуцца і дапамагчы, калі будзе такое жаданне:

– Я лічу, што трэба развіваць веласіпедную інфраструктуру, і добра, што апошнім часам з’явілася шмат ініцыятываў. Таксама я заклікаю ўсіх дапамагчы мне праз маю  – «За Вела-Магілёў!». Лічу, што магу знайсці сабе аднадумцаў, таму прашу далучацца да мяне праз электронную пошту zavelomogilev@gmail.com, – сказаў Толсцік.