Беларусі чакае новага усплёску ВІЧ/СНІД?

11 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько


Глабальны фонд для змагання са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй яшчэ тры гады таму стаў скарачаць памер дапамогі для Беларусі. З-за гэтага шэраг грамадскіх аб’яднанняў, што працуюць у сферы прафілактыкі і лекавання ВІЧ страцілі офісы і магчымасці далейшай працы.

З новага года дапамога спынілася зусім. Дваццаць гадоў таму, калі ішлі дыскусіі пра варыянты міжнароднай тэхнічнай дапамогі, меркавалася, што беларуская дзяржава да 2015 года возьме клопат пра носьбітаў ВІЧ на сябе. Аднак адносіны ўладаў да правоў гэтай катэгорыі грамадзянаў застаецца, як у Савецкім Саюзе – там СНІД звалі “хваробай прастытутак, наркаманаў і гомасэксуалаў”.

У СПАДЧЫНУ АД СССР

Савецкія ўлады афіцыйна прызналі СНІД у 1987 годзе. Менавіта тады выйшаў указ “Пра меры прафілактыкі заражэння вірусам СНІД”. І менавіта ў тым годзе была заснавана Глабальная праграма Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па СНІД. На наступны год у СССР ужо загаварылі пра эпідэмію віруса, якая да Беларусі ва ўсю сілу дакацілася каля 1995 года. Толькі ў адным 70-тысячным Светлагорску (Гомельская вобласць, 190 км ад Магілёва) за два гады (1996-1997) жорсткіх міліцэйскіх рэйдаў было выяўлена 1300 носьбітаў віруса ВІЧ. Пасля гэтага па ўсёй Беларусі былі прыняты ўзмоцненыя меры па прадухіленні пашырання ВІЧ.

Паводле дадзеных Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, на 1 студзеня 2019 года ў Беларусі зарэгістравана 6 979 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, складае 20 953. Паказнік пашыранасці захворвання ў нашай краіне – 220,7 на 100 тысяч насельніцтвы. Штогод рэгіструецца каля 2,5 тысяч выпадкаў інфекцыявання ВІЧ (у 2018 годзе – 2 353 выпадкі).

Апошні праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі, што фінансуе праграмы прафілактыкі ВІЧ і лячэння СНІД, быў завершаны 28 снежня 2018 года. Меркавалася, што з гэтага моманту Беларусь будзе сама спраўляцца з праблемай. Але краіна не пайшла па шляху дэмакратычнага развіцця, і як вынік, стала зразумела, што без чужой дапамогі пацыенты і носьбіты ВІЧ наўрад ці змогуць жыць паўнавартым жыццём.

Грошы, хоць і ў значна меншым аб’ёме, усё ж былі вылучаны. Але доўгая працэдура рэгістрацыі гэтай міжнароднай дапамогі беларускімі ўладамі прыводзіць да таго, што Глабальны фонд падрыхтаваны адклікаць вылучаныя сродкі на новы этап, які на паперы пачаўся яшчэ 22 лістапада 2018 года.

ГРОШАЙ НЯМА. АЛЕ ВЫ ТРЫМАЙЦЕСЯ

Не маючы фінансавання, няўрадавыя арганізацыі значна зменшылі або спынілі працу ў сферы ВІЧ-прафілактыкі сярод уразлівых груп. Прыкладам, грамадскае з’яднанне “Пазітыўны рух” было вымушана распрацаваць скарочаны графік працы сваіх мабільных пунктаў. Арганізацыя канстатуе, што сітуацыя з выдатковымі матэрыяламі на пунктах прафілактыкі ў краіне проста крытычная: не засталося шпрыцаў, спіртавых сурвэтак і экспрэс-тэстаў.

Ва ўмовах іх дэфіцыту падае наведвальнасць пунктаў кліентамі, што нівелюе распачатыя раней высілкі па прадухіленні пашырання ВІЧ-інфекцыі сярод спажыўцоў ін’екцыйных наркотыкаў. Сярод самых “праблемных” гарадоў – Мінск, Пінск, Баранавічы, Ліда, Жодзіна, Мазыр, Светлагорск, Віцебск і досыць блізкая да нас Орша.

Адразу дзесяць няўрадавых арганізацый, што працуюць у сферы прафілактыкі і лячэння ВІЧ, у апошні дзень лютага скіравалі ліст на імя прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з просьбай паспрыяць ўхваленню Саўмінам новага праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Умацаванне нацыянальнай сістэмы прафілактыкі, лячэння, дагляду і падтрымкі ў звязку з ВІЧ і туберкулезам у Рэспубліцы Беларусь”.

У лісце пазначана, што праграмы па ВІЧ-інфекцыі і туберкулёзу фінансуюцца практычна толькі са сродкаў грантаў, што вылучаюцца краіне Глабальным фондам для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. Адсутнасць фінансавання, акрамя спынення прафілактычных мерапрыемстваў, прыводзіць і да немагчымасці набыцця лекавых прэпаратаў для лячэння складаных формаў туберкулёзу і антырэтравіруснай тэрапіі для людзей, якія жывуць з ВІЧ. І калі Глабальны фонд выступіць з заявай пра адкліканне сродкаў з-за зацяжкі працэсу дзяржрэгістрацыі, то праца па прафілактыцы ВІЧ будзе паралізавана на некалькі гадоў. Чарговы разгляд рэгістрацыі гэтых сродкаў запланаваны на 12 сакавіка.

У МАГІЛЁВЕ КОЛЬКАСЦЬ ВІЧ-ІНФЕКЦЫЯВАНЫХ РАСЦЕ

Ў Магілёве, які выглядае больш пазітыўна на фоне суседніх абласных цэнтраў, таксама па выніках мінулага года зарэгістравана ўзрастанне колькасці пацыентаў, якіх упершыню паставілі на ўлік з дыягназам ВІЧ. Па стане на 1 кастрычніка мінулага года (дадзеныя на гэту дату фіксуе зонавы цэнтр эпідэміялогіі) у Магілёве і Магілёўскім раёне па кумуляцыйных дадзеных (назіранне з 1987 года) зарэгістраваны 321 выпадак ВІЧ-інфекцыі, у тым ліку ў аблцэнтры 279, у Магілёўскім раёне 42. Упершыню на ўлік пастаўлены 21 чалавек. У Магілёве пераважным спосабам інфекцыявання з’яўляецца полавы шлях перадачы. Захоўваецца высокая ўцягненасць у эпідпрацэс жанчын – каля 48%.

Галоўным заданнем Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД (UNAIDS) з’яўляецца дасягненне да 2020 года мэты 90-90-90: выявіць 90% людзей, якія жывуць з ВІЧ, з іх 90% узяць на лячэнне, з іх каля 90% каб дасягнулі нявызначанай віруснай нагрузкі – гэта значыць, што колькасць віруса імунадэфіцыту чалавека ў крыві так малая, што не вызначаецца лабараторнымі метадамі. Людзі, якія жывуць з ВІЧ з нявызначанай віруснай нагрузкай, бяспечныя ў кантэксце перадачы ВІЧ іншаму чалавеку. У Беларусі па выніках 2018 года дасягнуты паказнікі 81% – 74% – 65,6%.