Аляксандру Буракову ў прысутнасці праваабаронцы Барыса Бухеля пацвердзілі, што ен прыдатны з абмежаваннямі для службы ў арміі.

11 траўня. Магілеў. МАПК. Ігар Лазоўскі

Па словах маладога чалавека, камісія пагадзілася па адным з пунктаў скаргі – ваенны камісар вобласці Аляксандр Гарошкін прызнаў, што ў Буракова было права патрабаваць прысутнічаць на гарадской прызыўной камісіі і ў гэтым праве яму адмовілі. Цяпер працу ГПК чакае спецыяльная праверка, аб выніках якой прызыўнік прасіў паведаміць яму.
Аднак у медыцынскай частцы абласная камісія пацвердзіла рашэнне гарадской:
Лекар, які адказвае за працу лекараў спецыялістаў на абласным узроўні паспрабаваў растлумачыць, чаму мне выставілі абмежаваную прыдатнасць. Па сутнасці, ен проста зачытаў мой дыягназ, пералічыў артыкулы з раскладу хвароб, па якіх мяне агледзелі і сказаў, што асаблівых парушэнняў у мяне няма. Калі я пачаў казаць пра тое, што ў выпісцы з абласной бальніцы ў мяне стаіць сінавіт каленных суставаў, а ў акце з МБ №1 стаіць “болевы сіндром”, мне сказалі, што ен можа прыходзіць, можа сыходзіць, і што цяпер хваробы, нібыта, няма.
Але прабачце, калені мне таксама фантомно баляць? Калі я звярнуў увагу, што за паўгода хвароба спрагрэсіравала, што пацвярджаецца актамі з абллякарні, першы намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Магаблвыканкама Масюк сказала, што ў мяне толькі нязначныя змены, а раней гэтыя змены былі яшчэ менш. Па медыцынскай частцы я хацеў быў паспрачацца даўжэй, таму што празрыста сістэму ацэнкі функцыянальнай гатоўнасці мне так і не патлумачылі. Але старшыня камісіі Малашка некалькі разоў сказаў аб тым, што мэдычную частку мы скончылі, маўляў, і так усе відавочна.
У пераабследванні мне таксама было адмоўлена, – распавеў Аляксандр Буракоў MSPRING.ONLINE.
Па словах прызыўніка, ен здзівіўся таму, што на паседжаньні разглядалі яго заяву аб адмове прыносіць вайсковую прысягу.
– Гэты пункт яны вырашылі абмеркаваць самі, хоць асабліва ў дэталі не лезлі. Толькі перапыталі, ці сапраўды я адмаўляюся. Я сказаў, што так. Пасля гэтага мне паведамілі, што зыходзячы са стану майго здароўя і сітуацыі, мяне могуць адправіць служыць толькі ў войскі транспартнага забеспячэння, маўляў, там прысяга не патрэбна. Прычым адразу пасля камісіі, без спецыяльнага адбору, мне проста далі павестку на адпраўку ў войска. Я не супраць служыць, і калі мне ў пытанні прысягі пайшлі на сустрэчу, я толькі рады. Збянтэжыла тое, як гэта хутка было аформлена – гэта пры тым, што прадстаўнікі гэтага роду войскаў мяне ўжо адгледжвалі і адмовіліся браць мяне ў гэтую прызыўную кампанію, – падзяліўся Буракоў.
Фармальных прэтэнзій да працы абласной прызыўной камісіі ў прызыўніка няма:
Усе было па законе, ветліва і акуратна. Я лічу справядлівым, што аблкамісія праверыць працу гарадской прызыўной камісіі. Але з рашэннем па медыцынскіх паказчыках я не згодны. У бліжэйшы час я абдумаю магчымыя спосабы абскарджання, – заявіў Буракоў.
Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на камісіі ў якасці прадстаўніка, таксама прэтэнзій да працы самой камісіі не мае. Затое мае да тэрмінаў абскарджання рашэння:
– І ў копіі рашэння ГПК, і ў копіі рашэння АПК пазначана, што іх можна абскардзіць ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны. Аднак па якому заканадаўству? Чаму проста нельга напісаць 10, 15, 30 дзен? Камісіі я аб гэтым паведаміў, – пракаментаваў Барыс Бухель.